95 годспоўнілася геалагічнаму інстытуту, створанаму на базе геолага-глебазнаўчага падраздзялення Інстытута беларускай культуры ў лістападзе 1927 года. Зараз яго спадкаемцай зʹяўляецца філіял “Інстытут геалогіі” дзяржаўнага прадпрыемства “НВЦ па геалогіі”. У Інстытуце геалогіі працуе калектыў з амаль 60 чалавек, у тым ліку такія вядомыя навукоўцы, як акадэмік НАН Беларусі А.А. Махнач, доктар навук М.П. Аношка, кандыдаты навук Н.С. Пятрова, У.М. Шымановіч, У.І. Талсташэеў, А.Г. Лапцэвіч, А.А. Талкачыкава, Н.С. Якаўлева, Г.Дз. Стральцова і інш. Тут штогод праводзяцца навукова-даследчыя і тэматычныя працы па шэрагу мерапрыемстваў і заданняў розных дзяржаўных праграм і праектаў па замовах іншых арганізацый. Накірункі даследаванняў найперш тычацца рэгіянальнай геалогіі (геалогія і мінерагенія крышталічнага фундамента і платформеннага чахла Беларусі, стратыграфія і тэктоніка, чацвярцёвая геалогія, геалогія і геахімія нафты і газу, гідрагеалогія і маніторынг падземных вод і інш.). Праца інстытута накіравана на пошукі новых перспектыўных пляцовак і абʹектаў, радовішчаў карысных выкапняў, новых відаў мінеральнай сыравіны. Вынікі даследаванняў укараняюцца ў працу вытворчых падраздзяленняў прадпрыемства. Супрацоўнікі Інстытута геалогіі бяруць удзел у вызначэнні і абгрунтаванні прыярытэтных накірункаў геолагаразведачных прац прадпрыемства. Інстытут геалогіі забяспечвае функцыянаванне аспірантуры і дактарантуры дзяржаўнага прадпрыемства “НВЦ па геалогіі”, дзе вядзецца падрыхтоўка кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі ў галіне геолага-мінералагічных навук, і працу савета па абароне кандыдацкіх дысертацый па геолага-мінералагічных навуках. Інстытут рыхтуе да выдання навуковы гелагічны часопіс “Літасфера”, друкуе манаграфіі, атласы, зборнікі артыкулаў па выніках геалагічных даследаванняў, арганізуе навуковыя і навукова-практычныя мерапрыемствы, здзяйсняе міжнароднае супрацоўніцтва, падтрымлівае юнацкі геалагічны рух.
Related posts